Выстаўка “Добрых рук майстэрства”
10.11.2023ДОБРЫХ РУК МАЙСТЭРСТВА
справаздачная выстаўка майстроў народнай творчасці і
мастакоў Дзятлаўскага раёна
Выстаўка “Добрых рук майстэрства” – гэта справаздача аб дзейнасці і сучасным стане дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва ў Дзятлаўскім раёне. У экспазіцыі выстаўкі прадстаўлена ткацтва, кераміка, лозапляценне, выцінанка, мастацкі роспіс, вышыўка, жывапіс і іншае. Работы створаны супрацоўнікамі аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУК “Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, а таксама майстрамі і мастакамі Дзятлаўскага раёна.
Прыгажосць малой радзімы адлюстравана на жывапісных палотнах Анатоля Кардаша. Акрамя таго, таленавіты майстак займаецца ганчарнай справай і на выстаўкупрадставіў калекцыю керамічнага посуду, аздобленага ў тэхніцы “малачэнне”.
Аркадзь Сокал з’яўляецца аўтарам работ, якія выкананы ў розных накірунках творчасці: жывапіс, разьба па дрэве, піраграфія.
У выставачнай экспазіцыі дэманструюцца работы Ларысы Ненартовіч, якая працуе ў тэхніцы мастацкага роспісу па тканіне, шкле, картоне.
Унікальныя работы прадставілі вышывальшчыцы Таццяна Загорцава і Іна Лаўнік. Майстар па вязанню шыдэлкам Марына Лотыш дэманструе карункі з непаўторнымі ўзорамі і перапляценнямі.
Вядомы майстар Алена Турчэнік падрыхтавала калекцыю мастацкіх выцінанак. Адмысловыя вырабы з лазы прадставіў майстар народных рамёстваў Сяргей Балыкоў. Народныя паясы з традыцыйнымі ўзорамі сатканы загадчыкам аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Валянцінай Гнаінскай.
Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць этназборы тэкстыльных вырабаў: посцілкі і дываны, рушнікі і абрусы, сурвэткі і паясы, створаныя майстрыхамі мінулай эпохі. Іх спадчына кранае і натхняе творчыя сэрцы па сённяшні дзень.
Удзельнікі выстаўкі – таленавітыя людзі, якія праз творчасць і майстэрства дзеляцца цяплом сваіх сэрцаў з наведвальнікамі выставачнай экспазіцыі “Добрых рук майстэрства”.